Міжнародная навуковая канферэнцыя на радзіме Францыска Скарыны
1–2 лістапада у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку праходзіла VIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі». Упершыню канферэнцыя адбылася ў далёкім 1987 годзе і была прысвечана 1120-годдзю першага з’яўлення Полацка на старонках пісьмовых крыніц. З таго часу яна праводзіцца кожныя пяць гадоў і заўсёды прыпадае на юбілей найстаражытнейшага беларускага горада, які зусім невыпадкова лічыцца калыскай беларускай дзяржаўнасці. У гэты раз канферэнцыя адбылася ў межах Года гістарычнай памяці і была прысвечана 1160-годдзю першага ўзгадвання Полацка ў летапісах. Канферэнцыя па праву лічыцца знакавай падзеяй у навуковым жыцці Беларусі. Яна традыцыйна збірае як вядомых, так і маладых навукоўцаў з Беларусі і замежных краін, для большасці з якіх Полацк з яго гісторыяй і культурай уяўляе сабой сваеасаблівы сакральны цэнтр у навуковых даследаваннях. Як трапна заўважыў адзін з удзельнікаў канферэнцыі і лепшых спецыялістаў па старажытным помнікам дойлідства, загадчык сектара архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа (Расія, Санкт-Пецярбург) Яўген Мікалаевіч Торшын, у Полацку вельмі ярка праяўляецца і адчуваецца сіла і прыгажосць Генія месца. Безумоўна, што цудоўная і прыгожая атмасфера горада звязана з дзейнасцю такіх выбітных гістарычных асоб, як полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, прападобная Еўфрасіння Полацкая, усходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына, якія сваёй дзейнасцю назаўжды духоўна ўзвысілі і ўзбагацілі Полацк. У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 40 навукоўцаў, спецыялістаў у галіне гісторыі, археалогіі, гістарычнай інфарматыкі, мастацтвазнаўства. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны прадстаўляла дацэнт кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі кандыдат гістарычных навук дацэнт Марыя Мікалаеўна Самонава, якая выступіла на гістарычнай секцыі канферэнцыі з дакладам “Да праблемы аб старшынстве Усяславічаў”. Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў і ўсе жадаючыя атрымаюць магчымасць азнаёміцца з новымі старонкамі гісторыі і археалогіі Полацка і Полоцкай зямлі ад старажытнасці да сучаснасці. Неабходна адзначыць высокі ўзровень правядзення канферэнцыі і выказаць шчырую падзяку яе шаноўным арганізатарам – кіраўніцтву і супрацоўнікам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, і асабліва яго дырэктару Марыне Валер’еўне Чарнышовай і намесніку дырэктара па навуковай рабоце Таццяне Уладзіміраўне Явіч. Удзельнікам канферэнцыі былі забяспечаны не толькі выдатныя ўмовы працы, але і культурны адпачынак, які ўключаў канцэрт арганнай музыкі ў Сафійскім саборы і наведванне Спаса-Праабражэнскай царквы – унікальнага помніку архітэктуры і манументальнага жывапісу ХІІ ст. Варта яшчэ раз нагадаць, што, як ні дзіўна, але Гомель і Полацк непарыўна звязаны паміж сабой прынамсі з 1988 года, калі Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту было прысвоена імя Францыска Скарыны –усходнеславянскага і беларускага першадрукара, які нарадзіўся ў Полацку.