Міжнародны дзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы (21 лютага) адзначылі ў нашай рэспубліцы некалькімі мерапрыемствамі. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа прапанаваў жадаючым прыняць удзел у Рэспубліканскай дыктоўцы, прымеркаванай да гэтай знамянальнай даты. У ГДУ імя Ф.Скарыны ў гэты дзень адбылося мерапрыемства больш камернага характару. У вну 21 лютага на кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі была праведзена імпрэза з удзелам слухачоў падрыхтоўчага аддзялення з Беларусі, а таксама замежных слухачоў, якія прыехалі да нас з самых розных куткоў свету. Арганізацыю і правядзенне мерапрыемства ўзяла на сябе старэйшы выкладчык кафедры Н.А.Старавойтава, адказная за выхаваўчую работу на кафедры, дапамагалі ёй амаль усе выкладчыкі кафедры, якія маюць філалагічную адукацыю.

Н.А.Старавойтава коратка пазнаёміла слухачоў з гісторыяй узнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ў многіх краінах  пачынаючы з 2000 году. Загадчык кафедры С.В.Чайкова красамоўна і інфарматыўна патлумачыла гледачам спецыфіку існавання ў Беларусі двух моў, адну з якіх беларусы прызнаюць роднай. У сваім выступленні загадчыца вельмі трапна і дарэчы ўжывала цытаты з класікаў беларускай літаратуры, жадаючы паказаць хараство і непаўторнасць беларускай мовы.

Беларускамоўную хвалю падхапіў дацэнт кафедры Р.У.Серыкаў, які прачытаў некалькі вершаў на роднай мове (Я.Сергіені “Беларусы” і два вершы, аўтарам якіх з’яўляецца сам выкладчык), кожны з якіх быў прасякнуты патрыятычным пафасам і поўніўся трывогай аб лёсе роднай мовы. У гэтым жа рэчышчы  прагучаў верш выпускніка нашага універсітэту Э.Акуліна, які мастацкі выканала дацэнт кафедры Н.М.Гардзей. Трэба адзначыць, што не толькі творы пра мову гучалі ў гэты дзень. Асістэнт кафедры К.В.Шуст усхвалявана і выразна прачытала свой любімы верш пра тугу з нагоды няспраўджанага кахання “Сцежка месяца на вадзе”, Н.А.Старавойтава прачытала верш Т.Шаўчэнкі на сваёй роднай украінскай мове “Садок вишневий коло хаты”, дацэнт кафедры  Н.А.Сівакова артыстычна прачытала верш М.Гумілёва “Жыраф” на рускай мове.

На працягу мерапрыемства гучалі самыя розныя мовы з вуснаў слухачоў падрыхтоўчага аддзялення, якія не былі статычнымі гледачамі падзеі, а прынялі ў ёй актыўны ўдзел: Ксенія Самадум (Беларусь) праспявала песні на беларускай мове “Абдымі мяне” і “Я люблю Беларусь” , Чжао Чжэньюй (Кітай) чытаў верш пра кветкі на кітайскай мове, на якой прагучаў і верш аб смутку па Радзіме у выкананні Не Сіньяо (Кітай), Мохаммад Малка (Сірыя) прачытаў верш пра Дамаск на арабскай мове, Алі Ібрагім (Каморскія астравы) чытаў верш на каморскай мове, Шахрызада Даўлетмырадава (Туркменістан) презентавала верш пра Радзіму на туркменскай мове.

Прадуманасць і зладжанасць імпрэзы дазволіла ёй не губляць дынамічнасці і цікавасці на працягу ўсёй дзеі. Прыемна ўразіла і непадробная ўсхваляванасць некаторых удзельнікаў мерапрыемства, якая нікога не пакінула абыякавым.

З павагай і любоўю да роднай краіны і мовы асістэнт кафедры Шуст К.В.