Экскурсійная дзейнасць на падрыхтоўчым аддзяленні – неад’емная частка вучэбнага працэсу
Культурна-масавая дзейнасць – важнейшы складнік вучэбнай работы, якая стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу навучэнцаў і выкладчыкаў.
На падрыхтоўчым аддзяленні Інстытута дадатковай адукацыі набыты пэўны вопыт гэтай працы. У мінулым навучальным годзе выкладчыкі кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі актыўна праводзілі не толькі экскурсіі, але і шмат пазааўдыторных мерапрыемтваў, падчас якіх слухачы прынялі ўдзел і пабывалі не толькі ў музеях і выставах універсітэта, але і пашырылі свой кругагляд, знаёмячыся з гарадской культурнай прасторай, памятнымі мясцінамі і помнікамі архітэктуры.
У гэты раз замежцы, якія прыехалі вучыцца да нас з розных дзяржаў свету (Федэратыўнай Рэспублікі Конга, Рэспублікі Гана, Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя, Сірыі, Турэцкай Рэспублікі, Арабскай Рэспублікі Егіпет і інш.), наведалі музей прыроды на біялагічным факультэце, музей спартыўнай славы на факультэце фізічнай культуры і музей грошай на эканамічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Замежных слухочоў здзівілі сваёй манументальнасцю выява Францыска Скарыны, імя якога носіць наша навучальная ўстанова, на сцяне спартыўнай залы і помнік асветніку ў вучэбным корпусе №1.
У музеі прыроды яны ўбачылі самых адметных прадстаўнікоў фаўны. Зубр, які з’яўляецца волатам пушчанскіх лясоў, драпежнікі, дробныя звяркі, рыбы – жыхары лясоў, рэк і вадаёмаў – усё гэта стварае багатую і ўнікальную прыроду нашай Бацькаўшчыны.
Іншаземцы любяць спорт, і для іх важна пазнаёміцца са спартыўнай славай ГДУ і ў цэлым Рэспублікі Беларусь. У музеі спартыўнай славы яны пачулі аповед пра вядомых спартсменаў, выпускнікоў універсітэта. Была звернута ўвага на розныя экспанаты, дыпломы, шматлікія ўзнагароды, спартыўныя прылады алімпійскіх чэмпіёнаў. Замежных слухачоў зацікавіла інфармацыя аб тым, што беларускі футбол зарадзіўся ў нашым абласным цэнтры.
Некаторыя навучэнцы мараць вучыцца на эканамічным факультэце, дзе створаны музей грошай. Музей грошай – гэта ўнікальная прэзентацыя грашовых адзінак са ўсіх краін свету. Кожнаму хацелася ўбачыць на вітрынах грашовыя знакі сваёй краіны.
А перад святам вызвалення горада Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў замежных слухачоў прымалі ў выставачнай зале ўніверсітэта. Фотаздымкі, пісьмы з фронту, фільм-хроніка аб зверствах фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны – усё гэта надоўга застанецца ў памяці.
Трэба адзначыць, што самі слухачы разумеюць важнасць і неабходнасць такіх мерапрыемстваў. Яны з задавальненем і ўдзячнасцю прымаюць удзел у выхаваўчых і пазнавальных мерапрыемствах. А для выкладчыкаў станоўчыя водгукі з’яўляюцца добрым стымулам у вучэбнай дзейнасці, таму што педагагічная работа – гэта складанаарганізаваная дзейнасць, якая накіравана на вырашэнне мноства ўзаемазвязаных задач, дзе вучэбна-метадычная работа з’яўляецца асновай навучальнага працэсу, а выхаваўчая, навукова-даследчая і прафарыентацыйная дзейнасці складаюць цэласнасць працэсу адукцыі.
Кузьміч Л.П.,
старшы выкладчык
кафедры давузаўскай
падрыхтоўкі і прафарыентацыі