Восеньскія спаборніцтвы на падрыхтоўчым
Як некалі сказаў выдатны беларускі паэт Міхась Башлакоў, “З лістападамі, з лістападамі Завітаю я зноў сюды, Дзе ў сцюдзёную студню падаюць, Ціха падаюць жалуды…”, так і мы завіталі, па добрай традыцыі, у ДТСААФаўскі стралковы цір у Заходнім раёне Гомеля, бо штовосень выкладчыкі і замежныя навучэнцы падрыхтоўчага аддзялення звычайна ладзяць спаборніцтвы па кулявой стральбе, бо не вучобай жа адзінай… Такім чынам, 14 кастрычніка дванаццаць чалавек (а ў іх ліку былі і замежныя студэнты іншых факультэтаў) выбраліся гарадскім аўтобусам на пазааўдыторнае мерапрыемства, арганізаванае метадыстам Інстытута дадатковай адукацыі Наталляй Аркадзьеўнай Азяўчыкавай, спецыялістам Таццянай Валер’еўнай Малашчанка і асістэнтам кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Ксеніяй Валер’еўнай Кушнаровай. Ці варта казаць, колькі станоўчых эмоцый узняло гэтае мерапрыемства ў нефармальнай атмасферы! Стралялі з вінтовак і пісталетаў, у навушніках і без, цэліліся трапна і не вельмі, але ўсім хапіла ўражанняў ад хлёстка-гучных стрэлаў, парахавога дыму і жартаў. Першае месца па стральбе з малакалібернай вінтоўкі заняў слухач падрыхтоўчага аддзялення Эгуаса Эфехі з Нігерыі, які выбіў 86 ачкоў са 100, другое – Габрыэль Чызем (Нігерыя, 72 са 100), а трэцяе ўзяў Джафука Тсуму (Конга, эканамічны факультэт, 66 са 100). Вынікі стральбы з пісталета Марголіна пад увагу не браліся: цяжка патрапіць у мішэнь (хаця яна ў памерах і большая), трымаючы непаслухмяную зброю ў адной руцэ. Але ўсё роўна атрыманае задавальненне нагадвала аб сабе прыўзнятым настроем на працягу дня, спрыяла яднанню і загартоўцы студэнцкага духу. А гэта вельмі цудоўна!
Дацэнт кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі
Рыгор Серыкаў